КОДЭКС
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ ШЛЮБЕ І СЯМ'І.
Раздзел ІІ. Глава 10.

РАЗДЗЕЛ I
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Глава 1 (артыкулы 1-7)
Асноўныя палажэнні

Глава 2 (артыкулы 8-11)
Іскавая даўнасць і вылічэнне тэрмінаў

РАЗДЗЕЛ IІ
ШЛЮБ

Глава 3 (артыкулы 12-14)
Агульныя палажэнні

Глава 4 (артыкулы 15-19)
Парадак і ўмовы заключэння шлюбу

Глава 5 (артыкулы 20-33)
Правы і абавязкі сужэнцаў

Глава 6 (артыкулы 34-44)
Спыненне шлюбу

Глава 7 (артыкулы 45-49)
Несапраўднасць шлюбу

Глава 8 (артыкулы 50-58)
Вызначэнне паходжання дзяцей

РАЗДЗЕЛ IІI
СЯМ'Я

Глава 9 (артыкулы 59-67)
Правы і абавязкі сям'і ў грамадстве

Глава 10 (артыкулы 68-87)
Асабістыя немаёмасныя праваадносіны ў сям'і

Артыкул 68. Асабістыя немаёмасныя праваадносіны бацькоў

Да асабістых немаёмасных правоў і абавязкаў бацькоў адносяцца правы і абавязкі па:
вызначэнню ўласнага імя, імя па бацьку, прозвішча дзяцей;
вызначэнню грамадзянства дзяцей у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб грамадзянстве;
вызначэнню месца жыхарства дзяцей;
выхаванню дзяцей, ажыццяўленню догляду і нагляду за імі;
ажыццяўленню прадстаўніцтва ад імя сваіх дзяцей;
забеспячэнню абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Артыкул 69. Прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку дзіцяці

Прозвішча дзіцяці вызначаецца прозвішчам бацькоў. Пры розных прозвішчах бацькоў дзіцяці прысвойваецца прозвішча маці або бацькі з згоды бацькоў, а пры адсутнасці згоды - паводле ўказання органа апекі і папячыцельства.
Уласнае імя дзіцяці даецца са згоды бацькоў. Дзіцяці можа быць дадзена не больш двух уласных імёнаў. Уласнае імя, запісанае ў запісе акту аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным. Дзяржаўны орган, які рэгіструе акты цывільнага стану, не мае права адмовіць у прысваенні дзіцяці абранага бацькамі ўласнага імя, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям.
Імя па бацьку дзіцяці прысвойваецца паводле ўласнага імя бацькі, а ў выпадку, прадугледжаным артыкулам 58 гэтага Кодэкса, - паводле ўласнага імя асобы, запісанай у якасці бацькі. Згоды бацькоў адносна імя па бацьку дзіцяці не патрабуецца.

Артыкул 70. Змяненне прозвішча дзіцяці

Спыненне шлюбу паміж бацькамі або прызнанне шлюбу несапраўдным не цягне змянення прозвішча дзіцяці.
Калі адзін з бацькоў, у якога дзіця засталося пражываць пасля спынення шлюбу або прызнання шлюбу несапраўдным альбо пасля ўступлення ў новы шлюб, жадае прысвоіць яму сваё прозвішча, орган апекі і папячыцельства мае права дазволіць змяненне прозвішча дзіцяці зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці.
У такім жа парадку вырашаецца пытанне аб змяненні прозвішча дзіцяці, у запісе акту аб нараджэнні якога звесткі аб бацьку ўнесеныя ў адпаведнасці з артыкуламі 52, 53 і 58 гэтага Кодэкса, а таксама ў выпадку пазбаўлення аднога з бацькоў бацькоўскіх правоў.
Змяненне прозвішча дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў, ва ўсіх выпадках здзяйсняецца з яго згоды, якая выяўляецца органамі апекі і папячыцельства.
Бацька, чыё прозвішча носіць дзіця, ставіцца ў вядомасць аб узбуджэнні хадайніцтва аб змяненні прозвішча дзіцяці, і яго меркаванне нароўні з іншымі акалічнасцямі ўлічваецца органамі апекі і папячыцельства пры вырашэнні пытання аб змяненні прозвішча дзіцяці.
Прозвішча дзяцей можа быць зменена пры вызначэнні бацькоўства і ўсынаўленні.
Змена прозвішча абодвума бацькамі цягне за сабою змяненне прозвішча дзіцяці, якое не дасягнула шаснаццаці гадоў.

Артыкул 71. Змяненне ўласнага імя і імя па бацьку дзіцяці

Ўласнае імя дзіцяці можа быць змененае па заяве бацькоў на працягу года пасля рэгістрацыі нараджэння дзіцяці, калі пры рэгістрацыі яму было дадзена ўласнае імя без уліку пажадання бацькоў, або на працягу шасці гадоў пасля рэгістрацыі нараджэння, а ў выключных выпадках - са згоды дзіцяці і органа апекі і папячыцельства да дасягнення шаснаццаці гадоў, калі дзіця фактычна носіць не то ўласнае імя, якое яму было дадзена пры рэгістрацыі.
Імя па бацьку дзіцяці, не дасягнуўшага шаснаццаці гадоў, змяняецца, калі змяніў ва ўстаноўленым парадку ўласнае імя бацька, або ў выпадку вызначэння бацькоўства, калі ўласнае імя асобы, якая прызнала сябе (прызнана судом) бацькам,не супадае з уласным імем бацькі, запісаным па ўказанні маці ў адпаведнасці з артыкулам 58 гэтага Кодэкса.
Уласнае імя і імя па бацьку дзіцяці могуць быць змененыя таксама пры яго ўсынаўленні (удачарэнні).

Артыкул 72. Грамадзянства дзіцяці

Грамадзянства дзіцяці вызначаецца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства, якія рэгулююць пытанні грамадзянства.

Артыкул 73. Абавязкі бацькоў па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей

Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дзяцей ускладаецца на іх бацькоў.
Бацькі з'яўляюцца законнымі прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і законных інтарэсаў ва ўсіх установах, у тым ліку ў судах, без спецыяльных паўнамоцтваў.
Свае паўнамоцтвы на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей бацькі пацвярджаюць дакументамі аб бацькоўстве і мацярынстве - пасведчаннем аб нараджэнні дзіцяці, а таксама сваім пашпартам.
(У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г. -
Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)

Артыкул 74. Месца жыхарства дзіцяці

Месцам жыхарства дзіцяці лічыцца месца жыхарства яго бацькоў.
Месца жыхарства дзіцяці ў выпадку асобнага пражывання бацькоў з прычыны скасавання шлюбу або па іншых прычынах вызначаецца па ўзаемнай згодзе бацькоў.
Пры адсутнасці згоды паміж бацькамі спрэчка аб тым, з кім будзе пражываць дзіця, вырашаецца судом зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці і з улікам яго жадання.
Суд улічвае, хто з бацькоў праяўляе большы клопат і ўвагу да дзіцяці, узрост дзіцяці і прывязанасць да кожнага з бацькоў, асабістыя якасці бацькоў, мажлівасць стварэння належных матэрыяльна-бытавых умоў і маральна-псіхалагічнай атмасферы, забеспячэння належнага ўзроўню выхавання.

Артыкул 75. Выхаванне дзяцей

Бацькі здяйсняюць выхаванне дзяцей, папячыцельства над імі і іх маёмасцю. Яны абавязаныя клапаціцца аб фізічным, духоўным і маральным развіцці дзяцей, аб іх здароўі, адукацыі і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ў грамадстве.
Усе пытанні, якія адносяцца да выхавання дзяцей, вырашаюцца абодвума бацькамі па ўзаемнай згодзе. Пры адсутнасці згоды спрэчка вырашаецца органам апекі і папячыцельства з удзелам бацькоў. Рашэнне органа апекі і папячыцельства можа быць абскарджана ў суд.
Непаўналетнія бацькі маюць права на ўдзел у выхаванні дзіцяці.
Да набыцця непаўналетнімі бацькамі, якія не знаходзіцца ў шлюбе, дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме іх дзіцяці прызначаецца са згоды законных прадстаўнікоў апякун, які будзе здяйсняць яго выхаванне сумесна з непаўналетнімі бацькамі дзіцяці. Рознагалоссі па пытаннях выхавання дзяцей, якія ўзнікаюць паміж апякуном дзіцяці і непаўналетнімі бацькамі, вырашаюцца органам апекі і папячыцельства.

Артыкул 76. Роўнасць правоў і абавязкаў абодвух бацькоў

Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў дачыненні да сваіх дзяцей.
Бацькі карыстаюцца роўнымі правамі і нясуць роўныя абавязкі ў дачыненні да сваіх дзяцей і ў выпадку скасавання шлюбу паміж імі, калі іншае не прадугледжана ў Пагадненні аб дзецях.
У выпадку вызначэння бацькоўства ў судовым парадку бацька набывае правы і абавязкі з моманту ўступлення рашэння суда ў законную сілу, за выключэннем абавязку па ўтрыманні, які можа быць ускладзены з моманту прад'яўлення іску аб вызначэнні бацькоўства.
Калі бацькі дзіцяці не знаходзяцца ў шлюбе паміж сабою, суд можа даручыць ажыццяўленне папячэння над дзіцем адному з іх, абмежаваўшы правы і абавязкі іншага ў дачыненні да дзіцяці.

Артыкул 77. Удзел асобна пражываючага бацькі ў выхаванні дзяцей

Бацька, які пражывае асобна ад дзяцей, мае права мець зносіны з імі і абавязаны прымаць удзел у іх выхаванні. Бацька, з якім пражываюць дзеці, не мае права перашкаджаць іншаму бацьку мець зносіны з дзецьмі і ўдзельнічаць у іх выхаванні.
Суд можа прыняць рашэнне аб абмежаванні зносінаў з дзіцем аднога або абодвух бацькоў на вызначаны або нявызначаны тэрмін, калі яны парушаюць Пагадненне аб дзецях або рашэнне суда альбо калі іх зносіны ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы дзіцяці.

Артыкул 78. Права дзеда і бабкі на зносіны з унукамі

Дзед і бабка маюць права мець зносіны з сваімі непаўналетнімі ўнукамі незалежна ад таго, знаходзяцца ў шлюбе іх бацькі або скасавалі яго. У выпадку адмовы бацькоў ад прадастаўленння дзеду або бабцы мажлівасці мець зносіны з унукамі парадак зносінаў вызначае суд, калі такія зносіны не будуць замінаць нармальнаму выхаванню дзіцяці. Час і ўмовы зносінаў павінны быць дакладна вызначаныя ў рашэнні суда.

Артыкул 79. Абарона бацькоўскіх правоў

Бацькі маюць права патрабаваць звароту дзяцей ад любой асобы, якая ўтрымлівае дзяцей у сябе без законных падстаў. Іск у абарону бацькоўскіх правоў можа быць прад'яўлены таксама органам апекі і папячыцельства або пракурорам.
Суд мае права адмовіць у задавальненні гэтых патрабаванняў, калі прыйдзе да высновы, што перадача дзіцяці бацькам не адпавядае інтарэсам дзіцяці. Пры гэтым суд улічвае працягласць знаходжання дзіцяці ў сям'і асоб, якія фактычна яго выхоўвалі, а таксама жаданне дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў.
Калі ў ходзе судовага разгляду высвятліцца, што ні бацькі, ні асобы, у якіх дзіця знаходзіцца, не ў стане забяспечыць належнае выхаванне дзіцяці, суд перадае дзіця на папячэнне органа апекі і папячыцельства.

Артыкул 80. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў

Бацькі або адзін з іх могуць быць пазбаўленыя бацькоўскіх правоў у дачыненні да непаўналетніх дзяцей, калі будзе ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць сваімі бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны вобраз жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзяцей, а таксама калі бацькі з'яўляюцца хранічнымі алкаголікамі або наркаманамі або калі бацькі падалі пісьмовую заяву аб адмове ад дзіцяці.
Пазбаўленне бацькоўскіх правоў здзяйсняецца толькі ў судовым парадку. Справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў разглядаюцца з абавязковым удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства.
Пры адмове без паважлівых прычынаў узяць дзіця з радзільнага дома (аддзялення) і іншых дзіцячых лячэбна-прафілактычных і навучальна-выхаваўчых устаноў, а таксама ад асоб, у якіх дзіця знаходзіцца на выхаванні, у абавязковым парадку прад'яўляецца іск аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.
Пры пазбаўленні бацькоўскіх правоў абодвух бацькоў, а таксама аднога бацькі, калі перадача дзіцяці іншаму бацьку немэтазгодная або немагчымая, суд прымае рашэнне аб перадачы дзіцяці на папячэнне органа апекі і папячыцельства.
Аб прынятым рашэнні суд апавяшчае дзяржаўны орган, які рэгіструе акты цывільнага стану, па месцы рэгістрацыі нараджэння дзіцяці.

Артыкул 81. Парадак узбуджэння справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў

Іск аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў мае права прад'явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, іншыя арганізацыі, упаўнаважаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь здзяйсняць абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей.
Іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне, якім стала вядома аб парушэнні правоў дзіцяці, павінны паведаміць аб гэтых парушэннях органам, азначаным у частцы першай гэтага артыкула.
Калі суд пры разглядзе справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў выявіць у дзеяннях бацькоў або аднога з іх прыкметы злачынства, ён паведамляе аб гэтым пракурору для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы.

(У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г.
- Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)

Артыкул 82. Наступствы пазбаўлення бацькоўскіх правоў

Бацькі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, губляюць усе правы, заснаваныя на факце сваяцтва з дзіцем, у дачыненні да якога яны былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, у тым ліку і права на ўтрыманне ад яго, права на пенсійнае забеспячэнне пасля смерці дзіцяці і права атрымання ў спадчыну па закону.
Бацька, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, не можа быць апякуном, папячыцелем або ўсынавіцелем.
Пазбаўленне бацькоўскіх правоў не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей.

Артыкул 83. Спатканне з дзецьмі бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў

Па просьбе бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, органы апекі і папячыцельства могуць дазволіць ім спатканне з дзецьмі, калі зносіны з бацькамі не акажуць на дзяцей шкоднага ўплыву.
Дазвол на спатканне афармляецца рашэннем органа апекі і папячыцельства, у якім указваюцца час, месца і працягласць спаткання.
Рашэнне органа апекі і папячыцельства можа быць абскарджана ў судовым парадку.

Артыкул 84. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах

Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапушчаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўленыя. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах здзяйсняецца толькі ў судовым парадку паводле іску асобы, пазбаўленай бацькоўскіх правоў.
Іскі аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах прад'яўляюцца да іншага бацькі, апякуна, папячыцеля або дзіцячай установы, на чыім папячэнні знаходзіцца дзіця, і разглядаюцца з абавязковым удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства.

Артыкул 85. Адабранне дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў

Суд можа прыняць рашэнне аб адабранні дзіцяці і перадачы яго на папячэнне органа апекі і папячыцельства без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, калі пакіданне дзіцяці ў асоб, у якіх яно знаходзіцца, небяспечна для яго.
У выключных выпадках пры непасрэднай пагрозе жыццю або здароўю дзіцяці орган апекі і папячыцельства мае права прыняць рашэнне аб неадкладнымі адабранні дзіцяці ў бацькоў або іншых асоб, на выхаванні якіх ён фактычна знаходзіцца. У гэтых выпадках орган апекі і папячыцельства абавязаны неадкладна апавясціць пракурора і ў сямідзённы тэрмін пасля прыняцця рашэння звярнуцца ў суд з іскам аб пазбаўленні бацькоў або аднога з іх бацькоўскіх правоў або аб адабранні дзіцяці.
Адабранне дзяцей без пазбаўлення бацькоўскіх правоў здзяйсняецца ў тым жа парадку, што і пазбаўленне бацькоўскіх правоў.
Суд па заяве бацькоў і зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці выносіць рашэнне аб вяртанні яго бацькам, калі, паводле заключэння органа апекі і папячыцельства, адпалі прычыны, якія паслужылі падставай для адабрання дзіцяці. Пры гэтым павінна ўлічвацца жаданне дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў.

Артыкул 86. Удзел органаў апекі і папячыцельства ў разглядзе спрэчак,
звязаных з выхаваннем дзяцей

Пры разглядзе судом спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, да ўдзелу ў справе павінен быць прыцягнуты орган апекі і папячыцельства.
Судовы разгляд спраў па спрэчках, звязаных з выхаваннем дзіцяці, прызначаецца толькі пасля атрымання ад органа апекі і папячыцельства заключэння па сутнасці разглядаемай спрэчкі разам з дакументамі, якія адлюстроўваюць выяўленыя абследаваннем фактычныя акалічнасці справы.
Сваю нязгоду з заключэннем органа апекі і папячыцельства суд абавязаны матываваць.

Артыкул 87. Выкананне рашэння суда аб перадачы або адабранні дзіцяці

Выкананне рашэння суда аб перадачы або адабранні дзіцяці ад бацькоў або іншых асоб здзяйсняецца судовым выканаўцам з абавязковым удзелам прадстаўніка органа апекі і папячыцельства.
У выпадках, калі бацька або іншая асоба, на ўтрыманні якой знаходзіцца дзіця, перашкаджае выкананню рашэння суда, прымаюцца меры, прадугледжаныя Цывільным працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Рашэнне суда аб перадачы або адабранні дзіцяці падлягае неадкладнаму выкананню, калі пакіданне дзіцяці ў асоб, у якіх яно знаходзіцца, можа адмоўна адбіцца на фізічным або псіхічным здароўі дзіцяці альбо прывесці да немагчымасці выканання рашэння.
У выключных выпадках, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзіцяці, суд да вынясення рашэння можа вырашыць пытанне аб часовымі адабранні дзіцяці ў адказчыка. Выкананне судовага вызначэння здзяйсняецца ў парадку, прадугледжаным Цывільным працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Глава 11 (артыкулы 88-103)
Маёмасныя праваадносіны бацькоў і дзяцей

<<< перайсці да каталогу законаў <<< вярнуцца да зместу Кодэкса паглядзець каментарый >>>


Rambler's Top100 Rating All.BY
Сайт управляется системой uCoz