КОДЭКС
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ ШЛЮБЕ І СЯМ'І.
Раздзел ІІ. Глава 5.

РАЗДЗЕЛ I АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ Глава 1 (артыкулы 1-7) Асноўныя палажэнні Глава 2 (артыкулы 8-11) Іскавая даўнасць і вылічэнне тэрмінаў РАЗДЗЕЛ IІ ШЛЮБ Глава 3 (артыкулы 12-14) Агульныя палажэнні Глава 4 (артыкулы 15-19) Парадак і ўмовы заключэння шлюбу Глава 5 (артыкулы 20-33) Правы і абавязкі сужэнцаў

Артыкул 20. Узнікненне правоў і абавязкаў сужэнцаў Правы і абавязкі сужэнцаў узнікаюць з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу дзяржаўнымі органамі, якія рэгіструюць акты цывільнага стану. Правы і абавязкі сужэнцаў ва ўзгодненым аб'ёме могуць быць канкрэтызаваныя і замацаваныя ў Шлюбнай дамове, засведчанай у органах натарыяту. Усе пытанні шлюбных і сямейных адносін сужэнцы вырашаюць сумесна, па ўзаемнай згодзе. Сужэнцы маюць права самастойна вырашаць пытанні, якія тычацца іх асабістых інтарэсаў, калі іншае не абумоўлена ў Шлюбнай дамове. Артыкул 21. Права сужэнцаў на выбар прозвішча пры заключэнні шлюбу Пры заключэнні шлюбу сужэнцы па сваёй ахвоце абіраюць прозвішча аднаго з сужэнцаў у якасці іх агульнага прозвішча або кожны з іх захоўвае сваё дашлюбнае прозвішча. Сужэнцы могуць мець таксама падвойнае прозвішча. Калі да ўступлення ў шлюб адзін з сужэнцаў меў падвойнае прозвішча, то ён павінен вырашыць, якая складовая частка яго дашлюбнага прозвішча павінна ўвайсці ў склад новага прозвішча. Права выбару сужэнцамі прозвішча павінна быць рэалізавана толькі пры рэгістрацыі заключэння шлюбу да здзяйснення адпаведнага запісу ў кнізе рэгістрацыі актаў цывільнага стану. Змяненне сужэнцамі прозвішча пасля ўступлення ў шлюб здяйсняецца ў агульным парадку. Змена прозвішча адным з сужэнцаў не цягне за сабой змянення прозвішча іншага з іх, хоць апошні таксама мае права хадайнічаць аб змяненні свайго прозвішча. Артыкул 22. Права сужэнцаў на вольны выбар заняткаў, прафесіі і месца жыхарства Сужэнцы вольныя ў выбары заняткаў, прафесіі і месца жыхарства. Артыкул 23. Агульная сумесная ўласнасць сужэнцаў Маёмасць, нажытая сужэнцамі ў перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з сужэнцаў яна набытая альбо на каго або кім з сужэнцаў унесеныя грашовыя сродкі, з'яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Сужэнцы маюць роўныя правы валодання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Сужэнцы карыстаюцца роўнымі правамі на сумесна нажытую маёмасць і ў тым выпадку, калі адзін з іх у перыяд шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі, доглядам за дзецьмі або па іншых паважлівых прычынах не меў самастойнага заробку (даходу), калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Артыкул 24. Вызначэнне доляў у агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў пры падзеле маёмасці Ў выпадку падзелу маёмасці, які з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, іх долі прызнаюцца роўнымі, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. У асобных выпадках суд можа адступіць ад пачатку роўнасці доляў, улічваючы інтарэсы непаўналетніх дзяцей або годныя ўвагі інтарэсы аднаго з сужэнцаў. Доля аднаго з сужэнцаў, у прыватнасці, можа быць павялічаная, калі іншы сужэнец ухіляўся ад працоўнай дзейнасці або расходваў агульную маёмасць у шкоду інтарэсам сям'і. Пры падзеле маёмасці, які з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, пры наяўнасці Шлюбнай дамовы суд зыходзіць з яе ўмоў і вызначае, якія прадметы падлягаюць перадачы кожнаму з іх. У выпадку, калі аднаму з сужэнцаў перадаюцца прадметы, вартасць якіх перавышае належную долю, іншаму сужэнцу прысуджаецца адпаведнае грашовае кампенсаванне. Для патрабаванняў аб падзеле маёмасці, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, шлюб якіх скасаваны, устанаўліваецца трохгадовы тэрмін іскавай даўнасці. Артыкул 25. Рэчы прафесійных заняткаў сужэнцаў Рэчы прафесійных заняткаў кожнага з сужэнцаў (музычныя прылады, спецыяльная бібліятэка, медычнае абсталяванне і г.д.), набытыя ў перыяд шлюбу, з'яўляюцца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. У выпадку падзелу маёмасці суд можа прысудзіць рэчы прафесійных заняткаў, набытыя ў перыяд шлюбу, таму з сужэнцаў, у чыім карыстанні яны знаходзіліся, з памяншэннем долі ў маёмасці іншага сужэнца або ўскладаннем на яго абавязку кампенсаваць іх вартасць іншаму. Артыкул 26. Уласнасць сужэнцаў Маёмасць, якая належыла сужэнцам да ўступлення ў шлюб, а таксама атрыманая імі ў перыяд шлюбу ў дар або ў парадку атрымання ў спадчыну, з'яўляецца ўласнасцю кожнага з іх. Рэчы індывідуальнага карыстання (вопратка, абутак і г.д.), за выключэннем каштоўнасцяў і іншых прадметаў раскошы, хоць і абытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў сужэнцаў, прызнаюцца маёмасцю таго сужэнца, які імі карыстаўся. Маёмасць кожнага з сужэнцаў можа быць прызнана іх агульнай сумеснай уласнасцю, калі будзе ўстаноўлена, што ў перыяд шлюбу былі зробленыя ўкладанні, якія значна павялічылі вартасць гэтай маёмасці (капітальны рамонт, пераабсталяванне і г.д.), калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Артыкул 27. Маёмасныя здзелкі паміж сужэнцамі Сужэнцы могуць уступаць паміж сабою ва ўсё не забароненыя заканадаўствам маёмасныя здзелкі адносна маёмасці, якая з'яўляецца ўласнасцю кожнага з іх. Артыкул 28. Зварот спагнання на маёмасць сужэнцаў Па абавязацельствах аднаго з сужэнцаў спагнанне можа быць звернутае толькі на маёмасць, якая знаходзіцца ў яго ўласнасці, і на яго долю ў агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў, якая яму належыла б пры паздзеле гэтай маёмасці. Па абавязацельствах аднаго з сужэнцаў сужэнцы адказваюць маёмасцю, якая з'яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю, калі судом будзе ўстаноўлена, што атрыманае па абавязацельствах выкарыстанае ў інтарэсах усёй сям'і. Спагнанне пакрыцця за шкоду, прычыненую злачынствам, можа быць звернутае таксама на маёмасць, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, калі прысудам суда па крымінальнай справе ўстаноўлена, што гэта маёмасць была набытая за сродкі, атрыманыя злачынным шляхам. Па абавязацельствах, прынятых на сябе абодвума сужэнцамі, спагнанне можа быць звернута на іх сумесную маёмасць і на маёмасць кожнага з іх. Артыкул 29. Абавязкі сужэнцаў па ўзаемным утрыманні Сужэнцы абавязаныя матэрыяльна падтрымліваць адзін аднога. У выпадку адмовы ў такой падтрымцы непрацаздольны сужэнец, які мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, а таксама жонка ў перыяд цяжарнасці і на працягу трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці маюць права патрабаваць выплаты аліментаў у судовым парадку ад іншага сужэнца, які валодае неабходнымі для гэтага сродкамі. Шлюбнай дамовай могуць быць прадугледжаныя і іншыя выпадкі, пры якіх наступае абавязак сужэнца аказваць матэрыяльную дапамогу іншаму сужэнцу. Артыкул 30. Захаванне права сужэнцаў на ўтрыманне пасля скасавання шлюбу Права непрацаздольнага сужэнца, які мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, на ўтрыманне ад іншага сужэнца, які валодае неабходнымі для гэтага сродкамі, захоўваецца і пасля скасавання шлюбу, калі ён (яна) стаў непрацаздольным да скасавання шлюбу або на працягу аднога года пасля яго скасавання. Калі сужэнцы знаходзіліся працяглы час (не меней дзесяці гадоў) у шлюбе, суд мае права спагнаць аліменты на карысць разведзенага сужэнца і ў тым выпадку, калі ён дасягнуў пенсійнага ўзросту не пазней пяці гадоў з моманту скасавання шлюбу. Жонка захоўвае права на ўтрыманне ад мужа ў перыяд цяжарнасці і на працягу трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці, калі цяжарнасць наступіла да скасавання шлюбу. Артыкул 31. Памер сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне сужэнца Памер сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне сужэнца, вызначаецца судом зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча абодвух сужэнцаў у кратным дачыненні да базавай велічыні, устаноўленай на момант выплаты. У выпадку змянення матэрыяльнага або сямейнага палажэння аднаго з сужэнцаў кожны з іх мае права звярнуцца ў суд з іскам аб змяненні памеру сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне. (У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. - Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 8, 2/932.) Артыкул 32. Вызваленне сужэнца ад абавязку па ўтрыманні іншага сужэнца альбо абмежаванне гэтага абавязку тэрмінам Суд можа, прымаючы да ўвагі непрацягласць тэрміну знаходжання сужэнцаў у шлюбе або нявартыя паводзіны сужэнца, які патрабуе выплаты яму аліментаў, вызваліць іншага сужэнца ад абавязку па яго утрыманні або абмежаваць гэты абавязак вызначаным тэрмінам. Артыкул 33. Страта сужэнцам права на ўтрыманне Права аднога сужэнца на ўтрыманне ад іншага сужэнца страчваецца, калі адпалі ўмовы, якія з'яўляюцца, паводле артыкулаў 29 і 30 гэтага Кодэкса, падставай для ўтрымання, а таксама калі разведзены сужэнец, які атрымлівае сродкі на ўтрыманне, уступіць у новы шлюб. Калі сродкі на ўтрыманне спаганяліся паводле рашэння суда, сужэнец, абавязаны выплачваць сродкі на ўтрыманне, у выпадках, прадугледжаных гэтым артыкулам, мае права звярнуцца ў суд з іскам аб вызваленні яго ад далейшай выплаты.

Глава 6 (артыкулы 34-44) Спыненне шлюбу

<<< перайсці да каталогу законаў <<< вярнуцца да зместу Кодэкса паглядзець каментарый >>>


Rambler's Top100 Rating All.BY
Сайт управляется системой uCoz