КОДЭКС
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ ШЛЮБЕ І СЯМ'І.
Раздзел І. Глава 1.

РАЗДЗЕЛ I
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Глава 1
Асноўныя палажэнні

Артыкул 1. Задачы заканадаўства аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь

Задачамі заканадаўства аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца:
умацаванне сям'і ў Рэспубліцы Беларусь як натуральнай і асноўнай ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, недапушчэнне паслаблення і парушэння сямейных сувязяў;
пабудова сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе жанчыны і мужчыны, роўнасці правоў сужэнцаў у сям'і, на ўзаемным каханні, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям'і;
устанаўленне правоў дзяцей і забеспячэнне іх прыярытэту ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам;
устанаўленне правоў і абавязкаў сужэнцаў, бацькоў і іншых членаў сям'і ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нормамі міжнароднага права;
ахова мацярынства і бацькоўства, законных правоў і інтарэсаў дзяцей, забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці.

Артыкул 2. Адносіны, якія рэгулююцца заканадаўствам аб шлюбе і
сям'і Рэспублікі Беларусь

Заканадаўства аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь вызначае парадак і ўмовы заключэння шлюбу, замацоўвае правы і абавязкі членаў сям'і, рэгулюе асабістыя немаёмасныя і маёмасныя адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з усынаўленнем (удачарэннем), апекай і папячыцельствам, іншымі формамі ўладкавання на выхаванне ў сям'ю дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, парадак і ўмовы спынення шлюбу, прызнання яго несапраўдным, парадак рэгістрацыі актаў цывільнага стану,іншыя сямейныя адносіны.

(У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г. - Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)

Артыкул 3. Абарона сям'і дзяржавай

Сям'я, з'яўляючыся натуральнай і асноўнай ячэйкай грамадства, знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.
Дзяржава выказвае клопат аб сям'і шляхам стварэння ўмоў для эканамічнай самастойнасці і росту дабрабыту сям'і, ільготнай падатковай палітыкі, выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія маюць дзяцей, ільготнага крэдытавання, стварэння і развіцця шырокай сеткі дзіцячых і медыцынскіх устаноў, стварэння ўмоў для спалучэння бацькамі працоўнай дзейнасці з выкананнем сямейных абавязкаў, развіцця інфраструктуры побыту.
Выхаванне дзяцей і вядзенне хатняй гаспадаркі прызнаецца грамадска карыснай працай.
У сферы сацыяльнай палітыкі дзяржава лічыць прыярытэтнай задачай абарону шлюбу, сям'і, ахову мацярынства, бацькоўства і дзяцінства.

Артыкул 4. Прававое рэгуляванне шлюбных і сямейных адносін дзяржавай

Прызнаецца толькі шлюб, заключаны ў дзяржаўных органах, якія рэгіструюць акты цывільнага стану.
Рэлігійныя абрады, якія тычацца пытанняў шлюбу і сям'і, прававога значэння не маюць.
Гэтае правіла не распаўсюджваецца на здзейсненыя да ўтварэння ці аднаўлення ўпаўнаважаных на тое органаў запісу актаў цывільнага стану рэлігійныя абрады і атрыманыя ў іх пацверджанне дакументы аб нараджэнні, заключэнні шлюбу, скасаванні шлюбу і смерці.

Артыкул 5. Ажыццяўленне правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных
адносін

Правы, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ахоўваюцца законам, за выключэннем тых выпадкаў, калі гэтыя правы здяйсняюцца ў супярэчнасці з іх прызначэннем.
Ажыццяўленне правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, не павінна парушаць правы і законных інтарэсы іншых грамадзян, наносіць шкоду інтарэсам грамадства і дзяржавы.

Артыкул 6. Абарона правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін

Абарона правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, здзяйсняецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзяржаўнымі органамі, якія рэгіструюць акты цывільнага стану.
У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапушчаецца самаабарона правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін.

Артыкул 7. Заканадаўства аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь

Заканадаўства аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь засноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства.
Цывільнае, жыллёвае і іншае заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям'і.
Міністэрствы і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, якія тычацца шлюбных і сямейных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

Глава 2 (артыкулы 8-11)
Іскавая даўнасць і вылічэнне тэрмінаў

<<< перайсці да каталогу законаў <<< вярнуцца да зместу Кодэкса паглядзець каментарый >>>


Rambler's Top100 Rating All.BY
Сайт управляется системой uCoz