КОДЭКС
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ ШЛЮБЕ І СЯМ'І.
Раздзел ІІ. Глава 6.

РАЗДЗЕЛ I АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ Глава 1 (артыкулы 1-7) Асноўныя палажэнні Глава 2 (артыкулы 8-11) Іскавая даўнасць і вылічэнне тэрмінаў РАЗДЗЕЛ IІ ШЛЮБ Глава 3 (артыкулы 12-14) Агульныя палажэнні Глава 4 (артыкулы 15-19) Парадак і ўмовы заключэння шлюбу Глава 5 (артыкулы 20-33) Правы і абавязкі сужэнцаў Глава 6 (артыкулы 34-44) Спыненне шлюбу

Артыкул 34. Спыненне шлюбу Шлюб спыняецца з прычыны смерці або аб'яўлення ў судовым парадку памерлым аднаго з сужэнцаў. Пры жыцці сужэнцаў шлюб можа быць скасаваны судом па заяве аднаго з сужэнцаў. Шлюб лічыцца спыненым з дня ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб скасаванні шлюбу. Артыкул 35. Недапушчальнасць скасавання шлюбу Скасаванне шлюбу недапушчальна падчас цяжарнасці жонкі і на працягу трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці без пісьмовай згоды жонкі на развод. Артыкул 36. Парадак скасавання шлюбу Скасаванне шлюбу здзяйсняецца судом у парадку іскавага вядзення. Пры прыёме іскавай заявы аб скасаванні шлюбу суд прадстаўляе сужэнцам трохмесяцовы тэрмін для прыняцця мераў да прымірэння, а таксама для дасягнення пагаднення аб сумесных непаўналетніх дзецях і падзеле маёмасці. Па заканчэнні трохмесяцовага тэрміну шлюб касуецца, калі судом будзе ўстаноўлена, што далейшае сумеснае жыццё сужэнцаў і захаванне сям'і сталі немагчымымі. Пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу суд прымае меры для абароны інтарэсаў непаўналетніх дзяцей і непрацаздольнага сужэнца. Пры разглядзе іскавай заявы суд прымае меры, накіраваныя на захаванне сям'і, і мае права адкласці разгляд справы, прызначыўшы сужэнцам дадатковы тэрмін для прымірэння ў межах шасці месяцаў. Артыкул 37. Асаблівы парадак скасавання шлюбу Без прадастаўлення тэрміну на прымірэнне шлюб касуецца па заяве аднаго з сужэнцаў, калі іншы сужэнец: прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку без вестак адсутным; прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольным з прычыны душэўнай хваробы або слабога розуму; асуджаны за здзяйсненне злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін не менш трох гадоў. Па ўзаемнай згодзе сужэнцаў, якія не маюць непаўналетніх дзяцей, шлюб касуецца таксама без прадастаўлення тэрміну на прымірэнне. Артыкул 38. Пагадненне аб дзецях У мэтах забеспячэння законных правоў сваіх непаўналетніх дзяцей сужэнцы пры скасаванні шлюбу могуць заключыць паміж сабою Пагадненне аб дзецях у парадку, устаноўленым Цывільным працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь для заключэння міравых пагадненняў. У Пагадненні аб дзецях бацькі вызначаюць месца пражывання дзяцей, памер аліментаў на іх, парадак зносінаў з дзецьмі асобна пражываючага бацькі і іншыя ўмовы жыцця і выхавання дзяцей у адпаведнасці з іх правамі, замацаванымі гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У выпадку парушэння Пагаднення аб дзецях яно падлягае выкананню ў парадку, вызначаным Цывільным працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Артыкул 39. Вырашэнне спрэчкі аб выхаванні і ўтрыманні дзяцей Пры адсутнасці Пагаднення аб дзецях суд абавязаны пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу вызначыць, пры кім з бацькоў і хто з дзяцей застаецца, парадак удзелу ў іх выхаванні асобна пражываючага бацькі, а пры наяўнасці спрэчкі паміж сужэнцамі таксама, з каго з бацькоў і ў якім памеры спаганяюцца аліменты на ўтрыманне дзяцей. Артыкул 40. Спагнанне сродкаў на ўтрыманне сужэнца Па заяве сужэнца, які мае права на ўтрыманне ад іншага сужэнца, суд абавязаны пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу вызначыць памер утрымання, якое падлягае спагнанню з іншага сужэнца, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Артыкул 41. Падзел агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў Па заяве сужэнцаў або аднога з іх суд абавязаны пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу здзейсніць у адпаведнасці з артыкуламі 23-26 гэтага Кодэкса падзел маёмасці, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Калі такі падзел закранае правы трэціх асоб, спрэчка аб падзеле маёмасці не можа вырашацца адначасова са справай аб скасаванні шлюбу. Калі пасля фактычнага спынення сямейных адносін і вядзення агульнай гаспадаркі сужэнцы сумесна маёмасць не набывалі, суд здзяйсняе падзел толькі той маёмасці, якая з'яўлялася іх агульнай сумеснай уласнасцю да спынення вядзення агульнай гаспадаркі. Пры змяненні коштаў на маёмасць яе вартасць вызначаецца зыходзячы з коштаў, дзеючых на дзень вынясення рашэння суда. Артыкул 42. Афармленне скасавання шлюбу Пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу суд вызначае суму дзяржаўнай пошліны, якая падлягае выплаце адным або абодвума сужэнцамі пры выдачы копіі рашэння суда аб скасаванні шлюбу. Пры скасаванні шлюбу паводле падстаў, прадугледжаных часткай першай артыкула 37 гэтага Кодэкса, дзяржаўная пошліна спаганяецца з сужэнца-ісца. Памер дзяржаўнай пошліны ўстанаўліваецца Ўрадам Рэспублікі Беларусь. Пры выдачы копіі рашэння суда аб скасаванні шлюбу ў пашпартах або іншых дакументах, якія сведчаць асобу сужэнцаў, судом здзяйсняецца адзнака аб скасаванні шлюбу. Пасля ўступлення рашэння суда аб скасаванні шлюбу ў законную сілу суд у дзесяцідзённы тэрмін накіроўвае копію рашэння суда ў дзяржаўны орган, які рэгіструе акты цывільнага стану, па месцы рэгістрацыі шлюбу для здзяйснення адзнакі ў актавым запісе аб заключэнні шлюбу. Артыкул 43. Выбар прозвішча сужэнцамі пры скасаванні шлюбу Сужэнец, які змяніў сваё прозвішча пасля ўступлення ў шлюб на іншае мае права і пасля скасавання шлюбу насіць гэтае прозвішча або па яго жаданню пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу суд прысвойвае яму дашлюбнае прозвішча. Артыкул 44. Аднаўленне шлюбу ў выпадку яўкі сужэнца, абвешчанага памерлым або прызнанага без вестак адсутным У выпадку яўкі сужэнца, абвешчанага ва ўстаноўленым законам парадку памерлым, і адмены рашэння суда аб аб'яўленні яго памерлым шлюб лічыцца адноўленым, калі іншы сужэнец не ўступіў у новы шлюб. Калі адзін з сужэнцаў быў прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку без вестак адсутным і на гэтай падставе шлюб з ім быў скасаваны, то ў выпадку яго яўкі і адмены рашэнняў аб прызнанні яго без вестак адсутным і аб скасаванні шлюбу шлюб можа быць адноўлены дзяржаўным органам, які рэгіструе акты цывільнага стану, на падставе рашэнняў суда. Шлюб не можа быць адноўлены, калі сужэнец асобы, прызнанай без вестак адсутнай, уступіў у новы шлюб.

Глава 7 (артыкулы 45-49) Несапраўднасць шлюбу

<<< перайсці да каталогу законаў <<< вярнуцца да зместу Кодэкса паглядзець каментарый >>>


Rambler's Top100 Rating All.BY
Сайт управляется системой uCoz