Артыкул 59. Сям'я
Сям'я - гэта аб'яднанне асоб, звязаных паміж сабою маральнай і матэрыяльнай
супольнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі,
якія вынікаюць з шлюбу, сваяцтва, усынаўлення.
Іншыя сваякі сужэнцаў, непрацаздольныя ўтрыманцы, а ў выключных выпадках
і іншыя асобы могуць быць прызнаныя ў судовым парадку членамі сям'і, калі яны
пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку.
Артыкул 60. Блізкае сваяцтва
Адносіны, якія вынікаюць з крэўнага сваяцтва паміж бацькамі і дзецьмі,
роднымі братамі і сёстрамі, дзедам, бабкай і ўнукамі, лічацца блізкім сваяцтвам.
Артыкул 61. Свойства
Адносіны паміж сужэнцам і блізкімі сваякамі іншага сужэнца лічацца адносінамі
свойства.
Артыкул 62. Шматдзетная сям'я
Шматдзетнай з'яўляецца сям'я, у якой на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца
трое і больш дзяцей.
Статус шматдзетнай сям'і пацвярджаецца пасведчаннем, якое выдаецца мясцовымі
выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Узор пасведчання і парадак яго выдачы зацвярджаюцца ў парадку, які вызначаецца
Ўрадам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 63. Няпоўная сям'я
Няпоўнай лічыцца сям'я, у якой дзеці находзяцца на ўтрыманні і выхаванні
аднога бацькі.
Да няпоўных адносяцца сем'і:
жанчын, якія нарадзілі дзяцей па-за шлюбам і якія не знаходзяцца ў шлюбе;
удоваў (удаўцоў), якія не ўступілі ў новы шлюб, на выхаванні якіх знаходзяцца
непаўналетнія дзеці;
бацькі, які скасаваў шлюб і выхоўвае непаўналетніх дзяцей;
бацькі, які не заключыў новы шлюб, калі другі з бацькоў прызнаны без вестак
адсутным;
самотных грамадзян, якія ўсынавілі дзяцей.
Няпоўным сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, дзяржава прадастаўляе
дадатковыя сацыяльныя гарантыі.
Артыкул 64. Падставы ўзнікнення правоў і абавязкаў сям'і
Падставамі ўзнікнення правоў і абавязкаў сям'і з'яўляюцца:
шлюб, зарэгістраваны ў дзяржаўных органах, якія рэгіструюць акты цывільнага стану;
сваяцтва, засведчанае ва ўстаноўленым законам парадку;
усынаўленне (удачарэнне);
вызначэнне бацькоўства.
Артыкул 65. Правы і абавязкі сям'і
Сям'я абавязаная садзейнічаць рэалізацыі правоў і інтарэсаў членаў сям'і, на яе
ўскладаецца адказнасць за выхаванне і ўтрыманне дзяцей, іх абарону.
За сям'ёй прызнаюцца пераважнае права і абавязак вызначаць формы, сродкі і метады
выхавання дзяцей. Абавязкі сям'і ў адносінах да дзяцей вызначаюцца правамі дзяцей,
устаноўленымі гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 66. Сям'я як натуральнае асяроддзе дзіцяці
Сям'я з'яўляецца натуральным асяроддзем дзіцяці. Выхаванне дзяцей у сям'і
ахоўваецца і заахвочваецца дзяржавай.
У мэтах паўнавартаснага ўтрымання і выхавання дзяцей у сям'і дзяржава забяспечвае
сем'ям, якія маюць дзяцей, выплату дапамог, карыстанне дзіцячымі ўстановамі,
прадастаўленне ільготаў, стварэнне дадатковых сацыяльна-эканамічных умоў у
адпаведнасці з заканадаўствам.
Асаблівай падтрымкай, увагай і клопатам карыстаюцца шматдзетныя сем'і, сем'і, якія
прынялі на выхаванне дзяцей-сіротаў, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
(У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г. -
Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)
Артыкул 66-1. Абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей
Пры невыкананні або неналежным выкананні бацькамі (адным з іх), а таксама іншымі
асобамі і арганізацыямі, якія прымаюць ўдзел у выхаванні дзіцяці, сваіх абавязкаў па
выхаванні, навучанні альбо ўтрыманні дзяцей, або злоўжыванні бацькоўскімі правамі,
або адмоўным уплыве на паводзіны дзяцей, або жорсткім абыходжанні з імі дзеці маюць
права звярнуцца за абаронай сваіх правоў і законных інтарэсаў у камісіі па справах
непаўналетніх, органы апекі і папячыцельства, пракуратуру, а па дасягненні чатырнаццаці
гадоў - і ў суд.
Бацькі маюць права звярнуцца ў суд з іскам аб абароне правоў і законных інтарэсаў
непаўналетніх дзяцей да юрыдычнай або фізічнай асобы, якая парушыла іх правы і
законныя інтарэсы.
(Уведзеная Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г. -
Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)
Артыкул 67. Адказнасць за неналежнае выхаванне дзяцей
Бацькі, а таксама іншыя асобы і арганізацыі, якія прымаюць удзел у выхаванні
дзіцяці, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь нясуць адказнасць за
неналежнае выхаванне дзяцей.
Выхаванне прызнаецца неналежным, калі не забяспечваюцца правы і законныя інтарэсы
дзіцяці, а таксама калі дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (з прычыны
безнагляднасці або безпрытульнасці знаходзіцца ў становішчы, якое ўяўляе небяспеку для
яго жыцця або здароўя альбо не адпавядае патрабаванням да яго выхавання або ўтрымання,
альбо ўчыняе правапарушэнні).
(У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2004 г. -
Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 195, 2/1097.)
|