РАЗДЗЕЛ I
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Глава 1 (артыкулы 1-7)
Асноўныя палажэнні
Глава 2 (артыкулы 8-11)
Іскавая даўнасць і вылічэнне тэрмінаў
РАЗДЗЕЛ IІ
ШЛЮБ
Глава 3
Агульныя палажэнні
Артыкул 12. Шлюб
Шлюб - гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца ў парадку,
на ўмовах і з выкананнем патрабаванняў, вызначаных законам, накіраваны на
стварэнне сям'і і параджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі.
Артыкул 13. Шлюбная дамова
Ў мэтах умацавання шлюбу і сям'і, павышэння культуры сямейных адносін,
усведамлення сужэнцамі сваіх правоў і абавязкаў, адказнасці за дзяцей і адзін
за аднаго сужэнцы могуць заключыць Шлюбную дамову, у якой вызначаюцца іх
пагадненні аб:
сумеснай маёмасці і маёмасці кожнага з сужэнцаў;
парадку падзелу сумеснай маёмасці сужэнцаў у выпадку скасавання шлюбу;
матэрыяльных абавязальніцтвах у адносінах адно да аднаго ў выпадку
скасавання шлюбу;
формах, метадах і сродках выхавання дзяцей;
месцы пражывання дзяцей, памеры аліментаў на іх, парадку зносінаў з дзецьмі
асобна пражываючага бацькі, а таксама іншыя пытанні ўтрымання і выхавання дзяцей
у выпадку скасавання шлюбу.
У Шлюбнай дамове могуць быць урэгуляваныя і іншыя пытанні ўзаемаадносінаў
паміж сужэнцамі, калі гэта не супярэчыць заканадаўству аб шлюбе і сям'і.
Сужэнцы могуць заключыць Шлюбную дамову ў любы час і ў вызначаным імі
аб'ёме пагадненняў.
Шлюбная дамова заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае
натарыяльнаму засведчанню.
Да скасавання шлюбу сужэнцы па ўзаемнай згодзе могуць унесці ў любы час
змяненні і дапаўненні ў Шлюбную дамову, засведчыўшы іх у органах натарыяту.
Парадак засведчання, скасавання Шлюбнай дамовы, унясення ў яе змяненняў
і дапаўненняў вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Шлюбная дамова не павінна парушаць правы і законныя інтарэсы іншых асоб.
Шлюбная дамова можа быць прызнана судом несапраўднай поўнасцю або
часткова паводле падстаў, прадугледжаных Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 14. Падрыхтоўка да шлюбу
Ў мэтах падрыхтоўкі асоб, якія ўступаюць ў шлюб, да сямейнага жыцця пры
аддзелах запісу актаў цывільнага стану могуць стварацца службы прававога,
медыцынскага і псіхалагічнага кансультавання.
Паслугі азначанага характару могуць быць аказаныя асобам, якія
ўступаюць ў шлюб, таксама іншымі спецыялізаванымі ўстановамі, створанымі
ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
|